ІНДЫ́ЙСКІЯ БЕГУНЫ́,

парода качак яечнага кірунку. Выведзена ў Паўд.-Усх. Азіі і на Малайскім архіпелагу; у Еўропу завезена ў 2-й пал. 19 ст. Па смаку яйцы нагадваюць курыныя. На Беларусі І.б. гадуюць аматары.

Ад інш. парод качак адрозніваюцца пінгвінападобнай пастаноўкай корпуса цела, высокімі аранжава-чырв. нагамі, доўгай тонкай шыяй. Хутка бегаюць (адсюль назва). Знішчаюць вял. колькасць насякомых і чарвей. Апярэнне пераважна белае, зрэдку бурае, чырвона-папялістае, пярэстае і чорнае. Жывая маса дарослых качараў 2 кг, качак 1,8 кг. Самкі адкладваюць за год каля 300 яец (маса яйца 75 г).

М.​Ц.​Гарачка.

Індыйскія бегуны.

т. 7, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)